ДРУГІ́ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ закон павелічэння энтрапіі, адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле Д.з.т. ў замкнёнай (ізаляванай у цеплавым і мех. сэнсе) сістэме энтрапія S сістэмы застаецца нязменнай (пры абарачальных, раўнаважных працэсах) або павялічваецца (пры неабарачальных працэсах) і ў стане раўнавагі дасягае максімуму(∆S ≥ 0).

Гістарычна Д.з.т. ўзнік з аналізу работы цеплавых машын у працах С.Карно (1824). Першую фармулёўку закона даў Р.Клаўзіус (1850): немагчымы пераход цеплыні ад цела больш халоднага да цела больш нагрэтага без якіх-н. інш. змен у тэрмадынамічнай сістэме ці навакольным асяроддзі (іншыя фармулёўкі эквівалентныя). Д.з.т. ў тэрмадынамічным сэнсе азначае, што ўсе рэальныя макраскапічныя працэсы неабарачальныя, а ў імавернасна-статыстычным сэнсе, — што найб. імаверным станам сістэмы з’яўляецца яе раўнаважны стан. Гл. таксама Больцмана прынцып, Неабарачальныя працэсы.

т. 6, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)